Брэсцкі абласны

краязнаўчы музей

Археалагічны музей «Бярэсце»

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

Мастацкі музей

Камянецкая вежа

Археалагічны музей «Бярэсце»

ПРА ФІЛІЯЛ

Археалагічны музей «Бярэсце» – адзіны ў свеце музей сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада, размешчаны на месцы дзядзінца старажытнага Бярэсця.

У ХХ ст. было шмат спроб выявіць першапачатковае месцазнаходжанне горада, але толькі ў 1968 г. яны ўвянчаліся поспехам. З 1969 па 1981 гг. пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Лысенка Пятра Фёдаравіча адбываліся раскопкі, у выніку якіх было выяўлена больш за 220 драўляных пабудоў XI–XIII стст., тры вулічныя маставыя, частаколы, шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры таго часу. Была ўскрыта плошча 1800 м², з якіх больш за 500 м² да мацерыка.

18 студзеня 1972 г. Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне аб стварэнні музея «Бярэсце» і будаўніцтве спецыяльнага павільёна. Яго праект распрацавалі архітэктары «Белдзяржпраекта» В. У. Крамарэнка, М. К. Вінаградаў, У. І. Шчэрбіна. Павільён плошчай 40 x 60 м пабудаваны з бетону, шкла, анадзіраванага алюмінію і ўяўляе сабой двухскатнае перакрыцце са светавым ліхтаром па цэнтры. Яго абрысы нагадваюць старажытнае жытло і адначасова пласты зямлі, якія раскрываюць старажытны горад.

Лысенко Пётр Фёдорович

2 сакавіка 1982 г. археалагічны музей «Бярэсце» быў адчынены для наведвальнікаў. У цэнтры павільёна – раскоп, які займае плошчу 1118 м². На глыбіні 4 м знаходзіцца частка рамесніцкага квартала – 28 жылых і гаспадарчых пабудоў XIII ст., дзве вулічныя маставыя, частакол, рэшткі глінабітных печаў. Дзякуючы гідраізаляцыйным асаблівасцям глебы і магутнаму культурнаму пласту да 7 м, кісларод практычна не пранікаў углыб. Гэта стварыла спрыяльныя ўмовы для захаванасці артэфактаў. Многія пабудовы захаваліся на 5–9 вянцоў, а некаторыя нават на 12, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю. Раскопкі выявілі арыгінальную планіроўку старажытнага Бярэсця. Будынкі прымыкалі да вуліц глухімі сценамі, ставіліся ў 3–4 рады між вуліцамі на адлегласці 0,4–0,6 м адзін ад аднаго. Пабудовы ўяўляюць сабой аднакамерныя, наземныя будынкі квадратнай формы. Асноўным будаўнічым матэрыялам для іх былі бярвенні з дрэў хваёвых парод. Падмуркам з’яўляліся падклады пад вуглы дамоў ці рэшткі папярэдніх забудоў.

Па абодвух баках раскопа размешчаны экспазіцыйныя залы агульнай плошчай 252 м². У экспазіцыі музея прадстаўлена каля 1000 прадметаў, якія знаходзяцца ў наступных тэматычных залах: узнікненне і гісторыя старажытнага Бярэсця, яго планіроўка і забудова, рамёствы, звязаныя з апрацоўкай жалеза і каляровага металу, кастарэзнае рамяство, гарбарства, прадзенне і ткацтва, ганчарства і дрэваапрацоўка, рэканструкцыя жылля берасцяніна (XIII ст.), земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства, гандаль, культура, гісторыя даследавання Бярэсця, гісторыя берасцейскага замка.

Падчас археалагічных прац было знойдзена звыш 43 тысяч артэфактаў. З іх 66% – фрагменты керамікі, 21,5% – астэалагічная калекцыя, 12,5% – індывідуальныя знаходкі. Найбольш цікавыя і добрай захаванасці прадметы выстаўлены ў музеі: калекцыя металічных замкоў і ключоў, нажніц, нажоў, прадметаў узбраення, земляробчых прылад працы, шкляных і металічных бранзалетаў, драўлянага посуду, грабянёў, дзіцячых цацак, лыжак, рэшткаў шарсцяной тканіны, скуранога абутку, а таксама некаторыя элементы механізмаў – масларобнага жома, нажной ступы, матавіла, жорнаў, льнамялкі, ткацкага станка. Некаторыя прадметы з’яўляюцца рэдкімі і займаюць асаблівае месца ў экспазіцыі.

Шматлікую групу знаходак з каляровых металаў складаюць жаночыя ўпрыгожванні. Звяртае на сябе ўвагу білонавы колт XIII ст. з сімвалічным малюнкам зерня, якое прарастае. Ва ўнутраную поласць артэфакта ўкладалі тканіну, намочаную духмянымі масламі.

Земляробства і жывёлагадоўля гралі вялікую ролю ў эканоміцы Бярэсця. Асноўнымі інструментамі для апрацоўкі зямлі з’яўляліся рала і саха. У культурным пласце XIII ст. было знойдзена адзінае ў Еўропе дубовае рала гэтага перыяду.

Рало. Дерево, резьба. XIII в.

Выгаднае геаграфічнае месцазнаходжанне спрыяла ўдзелу Бярэсця ў міжнародным гандлі. Горад развіваў эканамічныя сувязі з Падняпроўем, Валынню, Прычарнамор’ем, Каўказам, Усходам, Прыбалтыкай, заходнееўрапейскімі землямі. Сярод прадметаў імпартнага паходжання вылучаюцца ракавіны кауры ХI–ХII стст., якія сустракаюцца пераважна ў Індыйскім акіяне. З іх рабілі жаночыя ўпрыгожванні ці выкарыстоўвалі як разменную манету.

Раковина каури. ХI–ХII вв.

Аб высокім узроўні развіцця культуры Бярэсця сведчыць распаўсюджанне пісьменнасці. Адной з унікальных знаходак з’яўляецца самшытавы грэбень з выразанымі літарамі кірылічнага алфавіта на абодвух баках. Гэты прадмет – старэйшы «падручнік» для навучання грамаце на тэрыторыі Беларусі.

Шахматная фігура караля ХIII ст. адносіцца да ліку высокамастацкіх вырабаў з косткі. Па тэхналогіі вытворчасці яна характарызуецца акуратнасцю ў разьбе і апрацоўцы. На тэрыторыі сучаснай Беларусі падчас археалагічных прац было знойдзена 70 шахматных фігур. З іх толькі 4, улічваючы берасцейскага шахматнага караля, адносяцца да выяўленчых шахмат, якія адлюстроўваюць рэальныя рысы і абрысы, а не абстрактныя фігуры.

У перыяд стварэння музея асаблівая ўвага ўдзялялася праблеме захавання драўляных пабудоў. Упершыню група навуковых супрацоўнікаў Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С. М. Кірава ў складзе Ю. В. Віхрова, У. А. Барысава і С. Ю. Казанскай здзейсніла кансервацыю археалагічнай драўніны ў палявых умовах шляхам павярхоўнай і глыбіннай прапіткі водным растворам фенолавых спіртоў з наступнай тэрмаапрацоўкай. Гэты метад быў распрацаваны рэктарам Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С. М. Кірава прафесарам В. Я. Віхровым.

29 снежня 1997 г. гарадзішчу старажытнага Бярэсця XI–XIII стст. быў прысвоены статус нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

8 студзеня 2020 г. за актыўную дзейнасць па захаванні нацыянальнага культурнага набытку і стварэнні абноўленай экспазіцыі «Археалагічны музей «Бярэсце» быў уганараваны прэміяй «За духоўнае адраджэнне».

ПАСЛУГІ

У наш час археалагічны музей «Бярэсце» з’яўляецца не толькі месцам захавання сярэднявечнай гісторыі Беларусі, але і навукова-даследчай, культурна-асветніцкай прасторай. Падчас развіцця інфармацыйных тэхналогій, праца з наведвальнікамі набывае новы характар. Музей прапаноўвае наступны спектр сучасных паслуг:

  • Аўдыягід на рускай, беларускай, англійскай, кітайскай і польскай мовах. Дастаткова навесці мабільную прыладу на QR-код і інфармацыя якая цікавіць высвеціцца на экране, прагучаўшы ў гукавым выкананні.
  • Віртуальная экскурсія па археалагічнаму раскопу дазваляе дакрануцца да гісторыі.
  • 3D-акуляры дэманструюць праграмы віртуальнай рэальнасці, панарамы старажытнага Бярэсця.
  • У кіназале дэманструюць 5 дакументальных фільмаў пра Бярэсце.

Наведвальнікаў чакаюць:

  • Тэматычная і аглядавая экскурсіі па археалагічнаму музею.
  • Тэматычная экскурсія па сумежнай тэрыторыі.
  • Тэматычная экскурсія «Рублена сякерай».
  • Тэматычная лекцыя «Старажытнае Бярэсце».
  • Мерапрыемства «Квэст-экскурсія».

Музей працягвае развівацца ў розных напрамках. Адно з якіх – папулярызацыя археалогіі, гісторыі, музейнай дзейнасці праз мерапрыемствы:

Самыя значныя, важныя, цікавыя падзеі, якія адбываюцца ў музеі, асвятляюцца ў нашай сацыяльнай сетцы:

Instagram: @museum_berestye

Сардэчна запрашаем!

КАНТАКТЫ

Археалагічный музей «Бярэсце»

224018, г. Брэст, праезд Крапасны, 15

Рэжым працы: з 10.00 да 18.00 (каса да 17.30)

1.05.2023-01.09.2023: з 10.00 да 19.00 (каса да 18.30)

Без выхадных

Тэл.: +375 162 53 10 11, +375 162 25 57 24

Instagram: @museum_berestye