Брэсцкі абласны

краязнаўчы музей

Археалагічны музей «Бярэсце»

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

Мастацкі музей

Камянецкая вежа

НАВУКА

НАШЫ СУПРАЦОЎНІКІ

– Займаюцца навуковымі даследваннямі,

– вывучаюць калекцыі,

– удзельнічаюць і займаюцца арганізацыяй канферэнцый, круглых сталоў, семінараў,

– праводзяць рэстаўрацыю і кансервацыю музейных прадметаў,

– карыстаюцца перадавымі навуковымі тэхналогіямі,

– супрацоўнічаюць з беларускімі і міжнароднымі арганізацыямі.

Канферэнцыі, форумы, семінары

2022

«Драўлянае стагоддзе»

1–3 чэрвеня 2022 г. у г. Брэсце і аг. Камянюкі (Камянецкі раён) адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Драўлянае стагоддзе. Актуальныя пытанні вывучэння, захавання і прэзентацыі аб’ектаў археалагічнай спадчыны», прысвечаная 40-годдзю Археалагічнага музея «Бярэсце». Падчас работы канферэнцыі прайшло абмеркаванне праблем, якія звязаны з пытаннямі вывучэння, кансервацыі і музеефікацыі археалагічных аб’ектаў з дрэва; археалагічных даследаванняў матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі, а таксама захавання археалагічнай спадчыны краіны і яе выкарыстання ў турыстычнай сферы.

Канферэнцыя прайшла ў змешаным (вочным і анлайн) фармаце. У ёй прынялі ўдзел каля 70 вядучых спецыялістаў з найбуйнейшых навуковых і музейных устаноў Беларусі і Расіі, у т. л. прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута археалогіі РАН, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Дзяржаўнага Навукова-даследчага інстытута рэстаўрацыі (г. Масква), Дзяржаўнага Эрмітажа (г. Санкт-Пецярбург), Інстытута археалогіі ім. А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан (г. Казань) і многія іншыя. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі ДНУ «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей», Інстытут археалогіі ім. А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан, ДНУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча».

2021

Летняя школа маладых археолагаў дзяржаў-удзельніц СНД (Рэспубліка Таджыкістан)

З 13 па 21 жніўня 2021 г. супрацоўнікі Археалагічнага музея «Бярэсце» прынялі ўдзел у Летняй школе маладых археолагаў дзяржаў-удзельніц СНД на месцы старажытнага гарадзішча «Хулбук» і ў Міжнародным форуме ў рамках Міждзяржаўнай праграмы «Душанбэ – культурная сталіца Садружнасці 2021 года» ў Рэспубліцы Таджыкістан. Галоўнымі мэтамі форума сталі абмен вопытам у сферы музеефікацыі, арганізацыі ўліку і захоўвання музейных прадметаў, археалагічных раскопак, таксама ўмацаванне прафесійных сувязей археолагаў дзяржаў-удзельніц СНД. З дакладамі выступілі Р. А. Сыч «Археалагічны музей «Бярэсце». Гісторыя археалагічных даследаванняў» і А. А. Ярашэнка «Шкляныя ўпрыгожванні ў археалагічнай калекцыі Бярэсця».

2020

«Музейныя здабыткі»

З 12 па 13 лістапада 2020 г. у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі прайшла другая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Музейныя здабыткі», прысвечаная 70-годдзю музея. Для ўдзелу ў канферэнцыі былі заяўлены 60 дакладаў ад вучоных і музейным работнікаў Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны (усяго 70 удзельнікаў), а таксама 2 прэзентацыі. У сувязі з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй былі прапанаваны тры фарматы ўдзелу ў канферэнцыі: вочны, завочны (стэндавы даклад), а таксама ў форме анлайн-даклада.

Галоўнымі мэтамі канферэнцыі сталі абмеркаванне актуальных пытанняў гісторыі і краязнаўства Брэстчыны, а таксама музейнай дзейнасці, вопыту і перспектыў міжнароднага супрацоўніцтва музеяў; абмеркаванне шырокага кола пытанняў, якія звязаны з вывучэннем, кансервацыяй і музеефікацыяй археалагічнай спадчыны; сістэматызацыя ведаў аб месцазнаходжанні, стане, вывучанасці «брэсцкіх» калекцый у музеях Беларусі і свету; дэманстрацыя значнасці і каштоўнасці гісторыка-культурнай спадчыны Брэстчыны ў кантэксце беларускай і сусветнай культур.

Другая канферэнцыя «Музейныя здабыткі» паказала цікавасць спецыялістаў і актуальнасць узнятых праблем па захаванні і выкарыстанні гісторыка-культурнай спадчыны Брэстчыны. Мерапрыемства стала яшчэ адным важным крокам ва ўмацаванні міжнародных сувязей музея, а таксама кантактаў з навуковымі і культурнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.

Усе даклады апублікаваны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

«Актуальныя пытанні вывучэння, кансервацыі і музеефікацыі археалагічных аб'ектаў з дрэва»

Семінар прайшоў 13 лістапада 2020 года. Ён стаў працягам той плённай працы, а менавіта двух семінараў і міжнароднай канферэнцыі «Археалагічнае дрэва», якія Брэсцкі абласны краязнаўчы музей правёў з калегамі з г. Казані – Інстытутам археалогіі ім. А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан і г. Мінска – Інстытутам гісторыі НАН Беларусі. У ходзе работы семінара прапаноўвалася абмеркаваць пытанні вывучэння археалагічных аб’ектаў з дрэва, методыку палявых даследаванняў і прэвентыўнай кансервацыі; вопыт айчынных і замежных музеяў, навукова-даследчых інстытутаў у пытаннях музеефікацыі археалагічных аб’ектаў з дрэва; пытанні кансервацыі археалагічных аб’ектаў з дрэва і іншых арганічных матэрыялаў; сучасны стан і перспектывы музеефікацыі археалагічнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь і за мяжой.

Свае апошнія напрацоўкі ў галіне кансервацыі археалагічнай драўніны прадэманстравалі вядучыя спецыялісты Расіі і Беларусі. Старэйшы навуковы супрацоўнік лабараторыі хіміка-тэхналагічных даследаванняў ФДБНДУ «Дзяржаўны навукова-даследчы інстытут рэстаўрацыі» («Дзяржніір») В. І. Гардзюшына распавяла пра методыку кансервацыі, ужытай для захавання ладдзі XVII ст., якую выкінула штормам на бераг Анежскага возера ў 2018 годзе. Н. А. Васільева, мастак-рэстаўратар вышэйшай катэгорыі лабараторыі навуковай рэстаўрацыі прадметаў прыкладнога мастацтва з арганічных матэрыялаў ФДБУК «Дзяржаўны Эрмітаж», падвяла вынікі палявой кансервацыі вільготных арганічных археалагічных знаходак, выяўленых падчас правядзення даследавання кургана 5 могільніка Пазырык Улаганскага раёна Рэспублікі Алтай. Даклады супрацоўнікаў УА «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» В. К. Леановіча, Н. А. Мазала, І. Г. Федасенка былі прысвечаны праблемам глыбокай кансервацыі і даследаванню даўгавечнасці археалагічнай драўніны. Гісторыю стварэння Археалагічнага музея пад адкрытым небам на тэрыторыі Белавежскай пушчы асвятліў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі В. Л. Лакіза.

2019

Міжнародны семінар «Актуальныя пытанні вывучэння, кансервацыі і музеефікацыі археалагічных аб'ектаў з дрэва» (г. Брэст)

24 мая 2019 года ў краязнаўчым музеі прайшоў Міжнародны семінар «Актуальныя пытанні вывучэння, кансервацыі і музеефікацыі археалагічных аб’ектаў з дрэва». Семінар стаў першым сумесным мерапрыемствам з Інстытутам археалогіі ім. А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан (г. Казань, Расійская Федэрацыя), з якім у 2018 годзе музей падпісаў пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве.

У працы семінара прынялі ўдзел доктар гістарычных навук, начальнік структурнага падраздзялення «Інстытут археалогіі ім. А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан» Айрат Габітавіч Сітдзікаў, кандыдат гістарычных навук, вучоны сакратар Інстытута археалогіі АН РТ Сяргей Генадзевіч Бачароў, кандыдат тэхнічных навук, загадчыца рэстаўрацыйна-аналітычнага аддзела Інстытута археалогіі АН РТ Яўгенія Флюраўна Шайхутдзінава, загадчык рэстаўрацыйнай майстэрні ААА «ЦМП» Альмір Рафаілавіч Махмутаў (г. Казань), кандыдат тэхнічных навук, дацэнт кафедры тэхналогіі дрэваапрацоўчых вытворчасцей УА «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» Алег Канстанцінавіч Леановіч (г. Мінск), вядучы спецыяліст кампаніі «Рэгула» Вольга Станіславаўна Бачарова (г. Мінск), а таксама супрацоўнікі УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей».

Міжнародны семінар «Актуальныя пытанні вывучэння, кансервацыі і музеефікацыі археалагічных аб'ектаў з дрэва» (г. Казань)

З 14 па 16 жніўня 2019 г. у г. Казань, на базе Музея археалогіі Рэспублікі Татарстан, праходзіў арганізаваны сумесна з Інстытутам археалогіі ім. А. Х. Халікава АН РТ Міжнародны семінар «Актуальныя пытанні вывучэння, кансервацыі і музеефікацыі археалагічных аб’ектаў з дрэва». З дакладамі на семінары выступілі:

– Т. А. Няклюдава, два даклады «Структура і асноўныя напрамкі дзейнасці УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей» і «Экспазіцыя археалагічнага музея «Бярэсце»: гісторыя стварэння, канцэптуальныя падыходы, сучаснасць»;

– З. В. Нярэзька сумесна з Н. В. Кузьміцкай, даклад «Кароткая гісторыя правядзення кансервацыйных, рэстаўрацыйных і рэканструкцыйных прац археалагічных знаходак, знойдзеных падчас раскопак старажытнага Бярэсця ў 1968–1977, 1981 гг.».

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Узаемаадносіны Вялікага княства Літоўскага і Залатой Арды ў святле археалагічных даследаванняў: праблемы і перспектывы»

30 кастрычніка – 1 лістапада 2019 года на базе Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Узаемаадносіны Вялікага княства Літоўскага і Залатой Арды ў святле археалагічны даследаванняў: праблемы і перспектывы». Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Інстытут археалогіі ім. А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан, Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. З дакладамі на канферэнцыі выступілі супрацоўнікі Інстытута археалогіі ім. А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан к. г. н. С. Г. Бачароў, д. г. н. І. Л. Ізмайлаў; Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі к. г. н. В. І. Кошман; Цэнтра даследаванняў беларускай культуры НАН Беларусі к. маст. К. А. Лавыш; Калмыцкага дзяржаўнага ўніверсітэта д. г. н. П. М. Кальцоў; Дзяржаўнага Эрмітажа к. г. н. В. Л. Мыц; Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута ім. А. Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта к. г. н. М. А. Плавінскі.

Міжнародная навуковая канференцыя «Археалагічнае дрэва»

31 кастрычніка 2019 года на базе філіялаў «Археалагічны музей «Бярэсце» і «Мастацкі музей» адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Археалагічнае дрэва». Яна прайшла ў дзвюх дзяржавах – Расіі і Беларусі.

Адкрыццё канферэнцыі адбылося 28 кастрычніка 2019 г. у г. Казані, у будынку Інстытута археалогіі ім. А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан. Праца міжнароднага навуковага форуму была працягнута ў г. Свіяжску на базе Дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага і мастацкага музея-запаведніка «Востраў-Град Свіяжск», дзе адбыўся круглы стол «Праблемы і перспектывы развіцця навуковага і музейнага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі». У ходзе яго работы прайшло абмеркаванне праблем, звязаных з міжнародным навуковым і музейным супрацоўніцтвам у галіне захавання археалагічных аб’ектаў культурнай спадчыны з дрэва. Па выніках абмеркавання была прынята рэзалюцыя. У прыватнасці, былі дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні міжнароднай навуковай экспертнай рады «Археалагічнае дрэва» па пытаннях забеспячэння маніторынгу захаванасці, уліку, рэстаўрацыі і музеефікацыі археалагічных прадметаў з дрэва пры Дзяржаўным гісторыка-архітэктурным і мастацкім музеі-запаведніку «Востраў-Град Свіяжск»; аб абмене выставамі паміж ДІАіХМЗ «Востраў-Град Свіяжск» і Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем; аб правядзенні практычных заняткаў магістрантаў па спецыяльнасці «Рэстаўрацыя прадметаў з дрэва» Казанскага федэральнага ўніверсітэта на базе фондавых калекцый Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Гісторыка-мастацкія сустрэчы і круглы стол «Бельск-Камянец»

9 красавіка 2019 года ў філіяле «Камянецкая вежа» адбыліся гісторыка-мастацкія сустрэчы і круглы стол «Бельск-Камянец». Мерапрыемства было арганізавана Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем, філіялам «Камянецкая вежа» сумесна з Аб’яднаннем «Музей малой радзімы ў Студзіводах» (Рэспубліка Польшча) і Аб’яднаннем аматараў мастацтваў рэгіёну Белавежскай пушчы «ТУР». У рабоце круглага стала прынялі ўдзел вучоныя і краязнаўцы з Беларусі і Польшчы: праф. Антон Мірановіч (Універсітэт у Беластоку, Польшча), інш. Марцін Абійскі (Праваслаўнае брацтва св. Кірылы і Мяфодзія, Беласток), к. г. н. Аляксандр Доўнар (Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, г. Мінск), к. г. н. Аляксандр Ільін (Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, г. Пінск), Дарафей Фіонік (Музей малой радзімы ў Студзіводах, Рэспубліка Польшча) і іншыя. У час правядзення мерапрыемства адбыўся вернісаж выставы рэльефных работ Народнага майстра РБ, разьбяра Анатоля Туркова, прысвечаных гісторыі Студзівод. Таксама прагучалі напевы Супрасльскага Ірмалагіёна 1598–1601 гг. у выкананні Марціна Абійскага, выпускніка Акадэміі візантыйскай музыкі ў Афінах.

2018

Першая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыка-культурная спадчына Брэста і Брэстчыны ў музейных зборах і прыватных калекцыях»

Канферэнцыя, прысвечаная 1000-годдзю г. Брэста, адбылася 11–12 кастрычніка 2018 г. Яе галоўнымі мэтамі сталі сістэматызацыя ведаў аб месцазнаходжанні, стане, вывучанасці «брэсцкіх» калекцый у музеях Беларусі і свету, а таксама прыватных зборах; абмеркаванне вопыту і перспектыў міжнароднага супрацоўніцтва музеяў, а таксама актуальных пытанняў музейнай дзейнасці. На канферэнцыі з дакладамі выступілі 32 спецыялісты: прадстаўнікі органаў улады, музейныя работнікі, навуковыя супрацоўнікі, даследчыкі, краязнаўцы, прыватныя калекцыянеры з Беларусі і Польшчы. На пленарным пасяджэнні канферэнцыі прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Украіны, Казахстана. Усе даклады апублікаваны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

2017

Навукова-практычны семінар «Вопыт стварэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь археалагічнага музея «Бярэсце»

 Семінар адбыўся 25–26 кастрычніка 2017 года. У працы семінара прынялі ўдзел прадстаўнікі Камітэта па ахове аб’ектаў культурнай спадчыны, рэстаўратары і музейныя работнікі Валагодскай вобласці. Правядзенне семінара было запланавана на пасяджэнні Сумеснай камісіі па развіцці супрацоўніцтва Валагодскай вобласці і Рэспублікі Беларусь у снежні 2016 года. С. П. Шчэрба выступіла з дакладам «Археалагічныя даследаванні гарадзішча старажытнага Бярэсця XI–XIV стст.». У іншых дакладах, якія прадставілі ўдзельнікі семінара, былі раскрыты тэмы захавання і аднаўлення аб’ектаў культурнай спадчыны ў Брэсцкай і Валагодскай вабласцях; асаблівасці дзяржаўнай аховы археалагічнай спадчыны; папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і прыцягнення турыстычных груп у музейныя ўстановы.

Публікацыі

Матерыялы канферэнцый

Музейные здабыткі 2018

Музейные здабыткі 2020

Музейные здабыткі 2020

Музейные здабыткі 2020

Рэстаўрацыйная майстэрня

Музейны фонд УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей» налічвае звыш 230000 музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў. Многія з іх маюць патрэбу ў рэстаўрацыі і кансервацыі. З 1980 года ў музеі працуе рэстаўрацыйная майстэрня. Першымі мастакамі-рэстаўратарамі сталі Андрусенка Серафім Львовіч і Ратнікаў Анатоль Васільевіч. У 1990-я гг. у музей паступіла вялікая колькасць прадметаў, якія затрымала Брэсцкая мытня пры спробе незаконнага вывазу за мяжу. 70% ад агульнай колькасці паступленняў складалі абразы, многія з якіх патрабавалі першачарговай рэстаўрацыі. У 1993 годзе ў музей прыйшла Алімава Вольга Анатольеўна, мастак-рэстаўратар 1-й катэгорыі па тэмперным жывапісе. Рэстаўрацыя абразоў стала прыярытэтнай.

У 2000-я гг. у музеі працаваў Мікалай Трафімавіч Багацеля, які ўнёс значны ўклад у справу рэстаўрацыі ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. На высокім прафесійным узроўні ён правёў рэстаўрацыю твораў алейнага жывапісу, якія да гэтага часу экспануюцца ў гістарычнай экспазіцыі музея, у філіяле «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».

У цяперашні час у музеі працуюць спецыялісты па наступных напрамках: драўляная скульптура і дэкаратыўнае разьбярства, прадметы побыту і драўлянай этнаграфіі (І. С. Рыжковіч), тэмперны і алейны жывапіс (Т. В. Патворава, Н. В. Кузьміцкая), праводзіцца рэстаўрацыя і кансервацыя таксідэрмічных копій (В. А. Жук). Таксама праводзіцца кансервацыя і рэстаўрацыя помнікаў археалогіі ды іншых музейных прадметаў.

Захаванне аўтэнтычнасці музейнага прадмета з’яўляецца прыярытэтнай задачай рэстаўратараў музея.

Супрацоўніцтва

У верасні 2016 года паміж ТАА «Рэгула» і УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей» было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве. У рамках гэтага пагаднення музею было перададзена сучаснае абсталяванне для крыміналістычных даследаванняў (мікраскоп спектральны люмінесцэнтны Рэгула 5001МК і лупа відэаспектральная люмінесцэнтная Рэгула 4177). Прыборы выкарыстоўваюцца як для рэстаўрацыі, так і для вывучэння і атрыбуцыі музейных прадметаў (абразоў). Шматразовае павелічэнне, а таксама магчымасць назіраць аб’екты не толькі ў бачным белым святле, але і ў інфрачырвоным і ўльтрафіялетавым святле, у прамым і косопадаючым асвятленні адкрылі новыя магчымасці праводзіць перадрэстаўрацыйныя даследаванні і наступную рэстаўрацыю музейных прадметаў.

На сённяшні дзень пры напісанні ўніфікаваных пашпартоў усе абразы праходзяць спецыяльнае даследаванне для атрыбуцыі на прыборах Рэгула. Пры неабходнасці пасля выконваецца кансервацыя і рэстаўрацыя музейных прадметаў.

У далейшым плануецца даследаванне музейных прадметаў іншых калекцый.