Брэсцкі абласны

краязнаўчы музей

Археалагічны музей «Бярэсце»

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

Мастацкі музей

Камянецкая вежа

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ

ЭКСПАЗІЦЫЯ «ГІСТОРЫЯ БРЭСТЧЫНЫ СА СТАРАЖЫТНЫХ ЧАСОЎ ДА ПАЧАТКУ ХХI СТАГОДДЗЯ»

18 верасня 2012 г. адкрыта сталая экспазіцыя «Гісторыя Брэстчыны з першабытнага часу да 1-й чвэрці ХХ стагоддзя». Яна размясцілася ў шасці залах на плошчы 316 м2. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 2000 экспанатаў, многія з якіх экспануюцца ўпершыню

Фойе.

Першая зала прысвечана гісторыі Брэстчыны перыяду першабытнаабшчыннага ладу (Х тыс. да н. э. – VIII ст. н. э.). Асноўнымі экспанатімі залы з’яўляюцца археалагічныя матэрыялы, якія раскрываюць старажытную гісторыю краю. Галоўны акцэнт робіцца на карту «Помнікі каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Брэстчыны», комплекс археалагічных знаходак паселішчаў ля вёсак Моталь і Тышкавічы Іванаўскага раёна, «Стужку часу» – cхему змяняльнасці культур жалезнага веку, якая дапоўнена малюнкамі гліняных сасудаў і рэканструкцыямі мужчынскага і жаночага касцюмаў. У экспазіцыі можна ўбачыць археалагічныя знаходкі лужыцкай, мілаградскай, зарубінецкай, вельбарскай, пражскай культур, а таксама амфару культуры шнуравай керамікі III тыс. н. э.

Цэнтральнае месца ў зале займае агучаная дыярама «Неалітычнае паселішча паляўнічых і рыбаловаў на р. Ясельда IV–III тыс. да н. э.».

Наведвальнікі музея маюць магчымасць даведацца пра археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Брэсцкай вобласці праз відэафільмы.

Гісторыі Брэстчыны ў эпоху ранняга сярэднявечча (IХ–ХIII стст.) прысвечана другая зала экспазіцыі. Навуковыя распрацоўкі супрацоўнікаў музея, аддзела археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А. С. Пушкіна знайшлі адлюстраванне ў аўтарскіх працах – рэканструкцыях (касцюмы дрыгавічоў ХII–ХIII стст., генеалагічная табліца «Тураўскія і пінскія князі ў канцы Х–ХII стст.»). З васьмі захаваных у Беларусі каменных ідалаў у экспазіцыі прадстаўлены два, знойдзеныя ў 1970 г. каля вёсак Залуззе і Грабаўцы Жабінкаўскага раёна. На фоне выявы старажытнага Пінска і рэканструкцыі замка ў Камянцы канца ХIII–пачатку ХIV стст. прадстаўлены археалагічныя матэрыялы, знойдзеныя пры раскопках Бярэсця, Пінска, Камянца, Франопаля і Гарадзішча. Значнае месца ў зале займае рэканструкцыя ўсходнеславянскага воіна ХІІ–ХІІІ стст. з арыгінальнай кальчугай ХIII ст.

У экспазіцыю таксама уведзены тэматыка-экспазіцыйны комплекс, прысвечаны працэсу хрысціянізацыі і культуры беларускіх земляў. Ён уключае абраз «Святыя прападобныя Кірыл і Мяфодзій», памятную манету «Крыж Еўфрасінні Полацкай», муляж старонкі Тураўскага Евангелля, выяву самшытавага грэбня з азбукай-кірыліцай.

У трэцяй зале расказваецца пра гісторыю Брэстчыны ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (ХIV–ХVIII стст.). Зала падзелена дзве часткі. Першая частка прысвечана гісторыі Берасцейскай зямлі ў складзе Вялікага княства Літоўскага (ХIV–ХVI стст.), другая – гісторыі Берасцейскай зямлі ў складзе Рэчы Паспалітай (сярэдзіна ХVI–ХVIII стст.). Гатычныя скляпенні залы, харугва з выявай герба Вялікага княства Літоўскага «Пагоня», рыцарскія даспехі, узоры ўзбраення, адзення, мэблі, скарбы манет ХV–ХVIII стст., Страдзецкі скарб сярэбраных паясоў, упрыгожванняў і кубкаў перадаюць каларыт эпохі сярэднявечча.

У экспазіцыі асвятляецца гісторыя кнігадрукавання, прадстаўлена рэканструкцыя друкарскага станка ХVI ст. Яркую відовішнасць мае інтэр’ер Ружанскага палаца Сапегаў ХVIII ст.

Экспазіцыя чацвёртай і пятай залаў прысвечана раздзелу «Брэстчына ў складзе Расійскай імперыі (1795–1900 гг.)». Тэмы «Далучэнне Брэстчыны да Расійскай імперыі», «Вайна 1812 года», «Грамадска-палітычны рух і сацыяльна-эканамічнае развіццё ў краі» рэпрэзентуюцца дакументамі, картамі, узорамі зброі і рыштунку рускага і аўстрыйскага салдата пачатку ХIХ ст., інтэр’ерам гасцёўні беларускага шляхціца 1-й паловы ХIХ ст., дыярамай сядзібы на хутары Завоссе (Івацэвіцкі раён), дзе нарадзіўся вядомы паэт Адам Міцкевіч, мундзірам сенатара Расійскай імперыі і ўзбраеннем сялян, якія ўдзельнічалі ў паўстанні 1863–1864 гг.

Прадметы ў вертыкальных вітрынах, упрыгожаных фрагментамі архітэктурнага дэкору гасцінага двара Брэст-Літоўска, адлюстроўваюць гарадскога жыццё канца ХIХ–пачатку ХХ стст. Экспазіцыю залаў дапаўняе насценны роспіс з выявай вуліц Тапалёвай і Беластоцкай, на якой размешчаны паштоўкі гарадоў і мястэчак Брэстчыны канца ХIХ–пачатку ХХ стст.

У тэме «Развіццё транспарту» значнае месца ў экспазіцыі займае рэканструкцыя купэ пасажырскага вагона 1912 г. з выкарыстаннем слайд-шоу па маршруце Брэст-Літоўск-Лунінец.

Шостая зала ахоплівае перыяд 1900–1921 гг. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае комплекс матэрыялаў па Першай сусветнай вайне і заключэнні Брэсцкага мірнага дагавору. Асаблівую ўвагу прыцягвае інсталяцыя акопа, макет германскага дырыжабля, зброя, узнагароды, дакументы і фатаграфіі. Завяршае экспазіцыю залы тэма «Савецка-польская вайна 1919–1921 гг. Рыжскі мірны дагавор».

Сувязным элементам першай і другой часткі экспазіцыі з’яўляецца галерэя літаграфій «Гістарычныя асобы Беларусі», створаная мастакамі Валянцінам Іванавічам і Ліліяй Ахцямаўнай Варэца. 28 аўтарскіх літаграфій аб’яднаны ў 8 тэматыка-храналагічных блокаў.

У 2016 г. была адкрыта другая чарга экспазіцыі «Гісторыя Брэстчыны з 1921 г. да пачатку XXI стагоддзя». Яна месціцца ў трох залах плошчай 120 м2. У экспазіцыі прадстаўлены больш за 800 прадметаў з розных калекцый.

У раздзеле «Брэстчына ў складзе Польскай дзяржавы (1921–1939 гг.)» (зала №7) паказаны прадметы побыту, дакументы, фотаздымкі таго перыяду. Наведвальнікі змогуць прайсціся па плітцы «трылінцы» на адной з вуліц Брэста-над-Бугам, убачыць тэлефонную будку з арыгінальным тэлефонным апаратам таго часу, агледзець рэканструкцыю турэмнай камеры канцлагера Бяроза-Картузская. Залу дапаўняе сэнсарная панэль з інфармацыяй аб гістарычным мінулым нашага краю і анлайн-віктарынай «Палескі кірмаш». Адказаўшы на шэраг займальных пытанняў можна атрымаць віртуальныя грошы на «куплю» розных прадуктаў і тавараў (чаравічкі, дзясятак яек, карова і іншае).

Экспазіцыя раздзела «Брэстчына ў гады Другой сусветнай вайны 1939–1945 гг.» (зала №8) насычана вялікай колькасцю арыгіналаў, гэта дакументы, зброя, ваенныя узнагароды, асабістыя рэчы ўдзельнікаў падпольнага, партызанскага руху, абарончых баёў пачатковага перыяду вайны і вызвалення вобласці. У зале таксама прадстаўлена рэканструкцыя першага паветранага тарана ў небе ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праз імправізаваную «браму ў пекла» можна ўбачыць старонкі трагічнай гісторыі знішчэння яўрэйскага насельніцтва краю. Тэма «Вызваленне Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе» дапоўнена панарамным аўтарскім роспісам.

У раздзеле «Брэстчына ў складзе БССР 1944–1990 гг.» прадстаўлены сапраўдныя дакументы, фатаграфіі аб сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці вобласці, прамысловыя вырабы заводаў і фабрык краю 1950–1980-х гг., матэрыялы аб выдатных ураджэнцах. У зале размясціўся фрагмент інтэр’ера кабінета першага сакратара Брэсцкага абкама партыі П. М. Машэрава з сапраўднай мэбляй, асабістымі рэчамі і электронным інтэрактыўным «акном», дзе можна ўбачыць самыя цікавыя старонкі жыцця Брэстчыны таго часу. Адмысловая ўвага нададзена інтэр’еру цэнтральнай універсальнай крамы г. Брэста 1960–1980 гг. На прылаўках універмага знаходзяцца арыгінальныя рэчы эпохі савецкага перыяду.

Раздзел «Край у складзе Рэспублікі Беларусь 1991–2000-я гг.» прадстаўлены рознага кшталту прадметамі на фоне аўтарскага насценнага роспісу, прысвечанага адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны. Ён дапоўнены відэаманіторам, які дэманструе дасягненні Брэстчыны на сучасным этапе.

ПАСЛУГІ

Наведвальнікам музея прапануюцца:

Экскурсіі

  1. Аглядная экскурсія (для вучняў 1–4 класаў).
  2. Тэматычная экскурсія па гістарычнай экспазіцыі «Гісторыя Брэстчыны са старажытных часоў да пачатку XXI стагоддзя» (6+).
  3. Экскурсія-гульня «У пошуках скарбу» (6+).
  4. Сямейная экскурсія «Таямніцы музейнага лабірынту» (6+).
  5. Сямейная экскурсія «Хто шукае, той знойдзе!» (6+).

«Урокі ў музеі»

(для 7–11 класаў)

Гэта серыя пазнавальных заняткаў аб людзях, якія жылі ў розны час, чые лёсы звязаны з Брэстчынай, чыё палітычнае і творчае жыццё засталася ў памяці беларускага народа. Праграма, як своеасаблівы факультатыў па краязнаўстве, распрацавана на матэрыялах, якія захоўваюцца ў фондах музея і прадстаўлены ў экспазіцыі. Яна разлічана на ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў 7–11 класаў. Урокі ў музеі – гэта магчымасць пашырыць формы сумеснай працы «школа-музей» і зрабіць наведванне краязнаўчага музея не разавым, а сістэматычным. Урокі праводзяцца ў экспазіцыйных залах краязнаўчага музея.

Заяўкі прымаюцца па тэлефоне +375 0162 209646.

  1. «Іх паклікала неба» (аб лётчыках і беларускіх касманаўтах);
  2. «Вайной абарванае дзяцінства» (аб лёсах брэсцкіх дзяцей у гады Вялікай Айчыннай вайны);
  3. «Горад – не толькі вуліцы…» (Брэст: забудова, людзі, падзеі. Сяр. XIX–1-я палова ХХстст.);
  4. «Урач лечыць. Прырода вылечвае» (з гісторыі медыцыны);
  5. «Усім паспалітым людзям для ўжытку і памнажэння звычаяў добрых» (пра гісторыю беларускага кнігадрукавання);
  6. «Айчына думаў маіх» (пра жыццё і творчасць Адама Міцкевіча);
  7. «Палескі геній» (пра жыццё і творчасць Напалеона Орды);
  8. «Паланэз для рыцараў свабоды і незалежнасці. Ад Міндоўга да Касцюшкі» (аб стварэнні беларускай дзяржаўнасці);
  9. «З дваццатым стагоддзем нароўні» (аб брэсцкім перыядзе жыцця Пятра Міронавіча Машэрава);
  10. «Навука ніколі не будзе скончанай кнігай» (аб даследчыках, навукоўцах, якія нарадзіліся і працавалі ў розны час на Брэстчыне, іх укладзе ў навуку);
  11. «Зямныя зоркі» (аб берасцейцах – Героях Савецкага Саюза і Героях Сацыялістычнай Працы).

Выязныя выставы і музеі

  1. «Брэст скрозь стагоддзі»;
  2. «Мы для Перамогі нічога не шкадавалі…»;
  3. «Разам з краiнай»;
  4. «Як слова наша адгукнецца»;
  5. «Шляхамі барацьбы і стварэння».

Лекцыі

  1. «З мінулага Брэстчыны»;
  2. «Брэстчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны»;
  3. «Былое і новае Брэста»;
  4. «Брэст да свайго 1000-годдзя»;
  5. «Сучаснае мастацтва Брэстчыны»;
  6. «Традыцыйны строй Брэстчыны к. XIX–пач. XX стст.»;
  7. «Архітэктура г. Брэста 2-й паловы XIX–1-й паловы ХХ стст.».

Мерапрыемствы

  1. «Мы – берасцейцы» – пасвячэнне ў берасцейцы ў музеі (для вучняў 1–4 класаў);
  2. «Я – гімназіст» – пасвячэнне ў гімназісты ў музеі (для вучняў 5 класаў);
  3. «Аўторак для цікаўных» – лекцыя ў музеі.

Музейна-педагагічныя праграмы

  1. «Знаёмцеся, музей!» для вучняў 1–4 класаў (з 3-х заняткаў):
  • «Што такое музей?»;
  • «Нараджэнне музея»;
  • «Жыццё ў музеі».
  1. «Свет музейных прадметаў» для вучняў 1–4 класаў (з 2 заняткаў);
  • «Вельмі старая кніжка»;
  • «Аб чым распавяла лучына».

ВІРТУАЛЬНЫ ТУР

КАНТАКТЫ

УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей»

224030, г. Брэст, вул. К. Маркса, 60

Рэжым працы: з 10.00 да 18.00

Каса працуе да 17.30

Выхадны дзень: панядзелак

Тэл.: +375 162 20 96 50 (каса)

+375 162 20 96 46 (заказ экскурсіі па гістарычнай экспазіцыі
і выстаўцы аб генацыдзе беларускага народа)

+375 162 20 88 99 (заказ экскурсіі па экспазіці «Родная прырода»)

Факс: +375 162 25 80 41

e-mail: brest_museum@brest.by

ЭКСПАЗІЦЫЯ «РОДНАЯ ПРЫРОДА»

Галоўнай задачай экспазіцыі «Родная прырода» з’яўляецца паказ і знаёмства з асноўнымі групамі жывёл і раслін, якія насяляюць родны край, Брэсцкую вобласць.

Прыродныя багацці нашай вобласці паказаны ў музеі праз фатаграфіі, натуральныя экспанаты, сабраныя ў тэматычныя комплексы. Сталая экспазіцыя размешчана ў трох залах. Чацвёртая зала выкарыстоўваецца для часовых выстаў на прыродазнаўчую тэматыку.

Экспазіцыя складаецца з наступных раздзелаў:

  1. Фізіка-геаграфічная характарыстыка Брэсцкай вобласці;
  2. Мінералы, карысныя выкапні Брэсцкай вобласці;
  3. Гісторыя паходжання жыцця на Зямлі;
  4. Асноўныя тыпы глебаў;
  5. Прыродныя ландшафты вобласці і іх жыхары;
  6. Асноўныя прадстаўнікі насякомых вобласці: атрад лускакрылыя, атрад цвёрдакрылыя, атрад простакрылыя, атрад стракозы, атрад перапончатакрылыя;
  7. Рацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў, ахова навакольнага асяроддзя.

Пачынаецца экспазіцыя музея са знаёмства з фізіка-геаграфічнай характарыстыкай Брэстчыны, асаблівасцямі рэльефу, асноўнымі тыпамі глебаў вобласці. Характарыстыка самых старажытных геалагічных эпох, этапаў фарміравання жыцця на Зямлі прадстаўлена графічнымі малюнкамі, акамянеласцямі.

Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікае мантаж левай пярэдняй канечнасці маманта, якая дасягае ў вышыню 3,5 м і дазваляе ўявіць памеры самага буйнога млекакормячага, які жыў у чацвярцічным перыядзе кайназойскай эры.

Бурныя геалагічныя працэсы, якія праходзілі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, спрыялі фарміраванню розных карысных выкапняў. Многія з іх прадстаўлены ў экспазіцыі – узоры граніту, торф, мінеральныя воды. Карта-схема «Радовішчы карысных выкапняў» дае ўяўленне аб размяшчэнні выкапняў на тэрыторыі вобласці.

Для характарыстыкі асноўных прыродных ландшафтаў вобласці і іх насельнікаў выкарыстоўваецца дыярамны метад паказу. Наведвальнік можа ўбачыць мясцовых жывёл і птушак у шэрагу раздзелаў – ландшафтныя комплексы «Бераг ракі», «Возера», «Балота», «Луг», а таксама ў дыярамах, прысвечаных такой асаблівасці нашага клімату, як сезоннасць. На прыкладзе буйнейшага ў Еўропе ляснога масіву Белавежская пушча вы пазнаёміцеся з асноўнымі тыпамі лясоў Брэстчыны і іх жыхарамі. Дыярама «Лес» размешчана ў асобнай зале музея. Тут жа дадзена інфармацыя аб Нацыянальным парку Белавежская пушча, а таксама пра асноўныя прыродаахоўныя тэрыторыі Брэсцкай вобласці.

У экспазіцыі надаецца асаблівая ўвага пытанням аховы навакольнага асяроддзя. Наведвальнікі знаёмяцца не толькі з відамі раслін і жывёл, якія маюць патрэбу ў ахове, але і з асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, з мерамі, накіраванымі на аднаўленне экалагічнага балансу нашай планеты. Спецыяльныя дыярамы «Краявіды будучыні» дазваляюць задумацца аб стаўленні да прыроды, пра тыя наступствы, да якіх можа прывесці вытворчая дзейнасць чалавека, што пераўтварае прыроду.

Дзейнасць сектара «Прырода і экалогія» УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей» накіравана на фарміраванне экалагічнай культуры насельніцтва, прыцягненне ўвагі да экалагічных праблем Брэсцкай вобласці, актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці. Супрацоўнікі сектара штогод праводзяць вялікую працу па экалагічнай асвеце і выхаванню падрастаючага пакалення: арганізацыю і правядзенне тэматычных выстаў, экалагічных святаў, навуковых канферэнцый, працу выязнога музея. Частка мерапрыемстваў сектара праходзіць не толькі ў музеі, але і на прыродзе.

Традыцыйным стала супрацоўніцтва з рознымі прыродаахоўнымі арганізацыямі, лясніцтвамі, навучальнымі ўстановамі. Нашы пастаянныя партнёры: Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржаўная інспекцыя аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста».

Выставы:

Выставачная зала сектара «Прырода і экалогія» прызначана для правядзення разнастайных тэматычных выстаў.

У лютым традыцыйнай стала выстава, прысвечаная барацьбе з браканьерамі – «Чалавек і прырода – саюзнікі ці ворагі?», якую музей рыхтуе сумесна з Дзяржаўнай інспекцыяй аховы расліннага і жывёльнага свету. На выставе можна ўбачыць браканьерскія снасці, канфіскаваныя падчас рэйдаў інспектараў прыродаахоўнай інспекцыі, форму работнікаў прыродаахоўных арганізацый, плакаты, дакументы, якія распавядаюць пра поспехі барацьбы з браканьерамі, можна даведацца аб правілах лоўлі рыбы, збору лясных дароў.

Штогод у сакавіку ў музеі экспануюцца фотаработы ўдзельнікаў гарадскога конкурсу «Малая радзіма ў аб’ектыве», які з’яўляецца часткай рэспубліканскіх акцый «Зямля пад белымі крыламі», «Я гэты край Радзiмаю заву» і іншыя. У наведвальнікаў музея з’яўляецца ўнікальная магчымасць – зірнуць на навакольны свет вачыма дзяцей, бо яны бачаць тое, што часам у штодзённай мітусні і клопатах не заўважаем мы – дарослыя, яны ўмеюць шчыра радавацца і вясёлай птушачцы і незвычайнаму ўзору на замёрзлай шыбе, адлюстраванню ў лужыне і багата чаму іншаму…

У красавіку ў рамках Міжнароднага тыдня птушак сектар «Прырода і экалогія» праводзіць шэраг мерапрыемстваў: экалагічныя гульні, конкурсы, экскурсіі і выставы. Кожны год да гэтай даты супрацоўнікі рыхтуюць новую выставу, прысвечаную птушкам Беларусі. У музеі экспанаваліся фотаработы Ігара Бышнева, Сяргея Плыткевіча, Аляксандра Пекача, Паўла Лычкоўскага, працы членаў Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, супрацоўнікаў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», прадметы з прыватных калекцый – талеркі з выявамі птушак, значкі, сувеніры і г. д. На выставе можна ўбачыць прадметы з фондаў музея: калекцыю птушыных гнёздаў, кольцаў для кальцавання, аалагічную калекцыю.

Кожны год супрацоўнікі сектара імкнуцца здзівіць наведвальнікаў новымі часовымі экспазіцыямі, прысвечанымі роднай прыродзе і яе ахове – гэта і выставы вырабаў з разнастайных прыродных матэрыялаў – бяросты, саломкі, лямца, гліны, мінералаў; выставы, на якіх можна ўбачыць жывыя экспанаты – насякомыя, грыбы, імхі і лішайнікі роднага краю і многае-многае іншае…

Мерапрыемствы:

Міжнародны тыдзень птушак

На працягу 17 гадоў штогод у красавіку ў Міжнародны тыдзень птушак музей праводзіць серыю экалагічных мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду беражлівых адносін да прыроды: выставы, прысвечаныя птушкам, экалагічныя гульні, экскурсіі, майстар-класы па вырабе хатак для птушак, конкурсы «Лепшы верш пра птушку года» і «Лепшая хатка для птушкі».

Традыцыйна пераможцы экалагічных гульняў, самыя актыўныя ўдзельнікі, пераможцы конкурсаў ўзнагароджваюцца экскурсійнай вандроўкай – знаёмяцца з адной з прыродаахоўных тэрыторый. Хаткі для птушак, зробленыя ўдзельнікамі конкурсу, развешваюцца ў парках і скверах горада, перадаюцца ў лясгасы вобласці.

Экалагічная субота

Для таго каб пагутарыць з прыродай, не абавязкова выязджаць кудысьці за горад ці шпацыраваць па парку. Сектар «Прырода і экалогія» Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея даўно стаў тым месцам, куды можна і трэба прыходзіць ўсёй сям’ёй. Тут, акрамя агляду экспазіцыі, знойдзецца занятак для наведвальнікаў практычна любога ўзросту. Адзін з праектаў – «Экалагічная субота» – прапануе адказы на самыя незвычайныя пытанні аб прыродзе, зносіны з цікавымі людзьмі, магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах, конкурсах і віктарынах, атрымаць не толькі прызы, але і зарад цудоўнага настрою!

ПАСЛУГІ

Сектар прапануе:

  1.  Аглядная экскурсія (для 1–4 класаў).
  2.  Тэматычная экскурсія па экспазіцыі «Родная прырода» (6+).
  3.  Тэматычная экскурсія «Па старонках Чырвонай кнігі» (6+).
  4.  Тэматычная экскурсія «У свеце птушак» (праводзіцца ў красавіку) (6+).

Музейна-педагагічныя праграмы:

«Сезонныя змены ў прыродзе»

абанемент з 4 заняткаў для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту:

  1. «Казкі зімовага лесу»;
  2. «Вясновая лясная казка»;
  3. «Казкі гадовага лесу»;
  4. «Восеньская лясная казка».

«Прыродныя ландшафты Брэстчыны»

абанемент з 7 заняткаў для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту:

  1. Экасістэма «Лес» (з 3 заняткаў);
  2. Экасістэма «Вадаём»;
  3. Экасістэма «Луг»;
  4. Экасістэма «Балота»;
  5. Карысныя выкапні Брэстчыны.

Выязныя выставы і музеі:

  1. «Фауна Брэсцкай вобласці»;
  2. «Фауна планеты»;
  3. «Заказнікі рэспубліканскага значэння Брэсцкай вобласці».

Лекцыі:

  1. «Асабліва ахоўныя тэрыторыі Брэсцкай вобласці»;
  2. «Ахова жывёл і раслін Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь»;
  3. «Жывёльны і раслінны свет Брэсцкай вобласці».

Мерапрыемствы:

  1. Міжнародны тыдзень птушак;
  2. Фотаконкурс «Родная прырода»;
  3. «Экалагічная субота».

ВІРТУАЛЬНЫ ТУР

Виртуальный тур

Кантакты

Сектар «Родная прырода»

224018, г. Брэст, вул. Карла Маркса, 60

Рэжым работы: 10.00–18.00

Каса працуе да 17.30

Выхадны дзень: панядзелак

Тэл.: +375 162 20 88 99 (заказ экскурсіі па экспазіці «Родная прырода»)