Брэсцкі абласны

краязнаўчы музей

Археалагічны музей «Бярэсце»

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

Мастацкі музей

Камянецкая вежа

КАМЯНЕЦКАЯ ВЕЖА

ПРА ФІЛІЯЛ

Камянецкая вежа – унікальны помнік абарончага дойлідства XIII ст. Пабудаваны паміж 1276 г. і 1288 г. на левым беразе ракі Лясной па ўказанні валынскага князя Уладзіміра Васількавіча.

Камянецкая вежа адносіцца да асобнага тыпу абарончых збудаванняў – валынскіх вежаў – своеасаблівых помнікаў фартыфікацыі, якія атрымалі сваё распаўсюджванне ў XIII–XIV стст. на заходніх землях.

Вышыня Камянецкай вежы складае 29,4 м, таўшчыня сцен – 2,5 м. Вонкавы дыяметр – 13,5 м. Вежа стаіць на магутным падмурку, складзеным з бутавых каменняў, перасыпаных чыстым рачным пяском. Вышыня падмурку – 2,3 м, таўшчыня сцен – 3,7 м. Сцены Камянецкай вежы складзены з брусковай барозчатай цэглы памерам 26,5 х 13,5 х 8 см, цёмна-чырвонага і жаўтаватага колеру. Раствор бялёса-шэрага колеру складаецца з вапнавага звязальнага рэчыва і пяшчанага напаўняльніка з невялікім да 2% дадаткам цэмянкі, інакш кажучы цаглянай крошкі. Вапнавы раствор і напаўняльнік выкарыстоўваліся ў суадносінах 1:1,5. Муроўка балтыйская альбо вендская: чаргаванне двух «лажкоў» і аднаго «тычка». Камянецкая вежа ў плане круглая, падзеленая на пяць ярусаў. Сцены кожнага яруса прарэзаны байніцамі. На чацвёртым ярусе вежы, акрамя байніц, адзін вялікі вытанчаны праём, пад якім калісьці быў балкон, пабудаваны на кансольных бэльках. Гэты праём у XIII ст. служыў уваходам у вежу. Можна меркаваць, што ў сярэднявеччы байніцы служылі для абстрэлу ворага.

Камянецкая вежа мае простыя лаканічныя формы. Разам з тым, яна не пазбаўлена дэкору. Гэта дасягнута элементамі раннегатычных архітэктурных формаў: стрэльчатыя праёмы байніц, архівольт, размешчаны над старажытным уваходам у вежу, нервюрамі на «гірках», якія захаваліся ад цаглянага скляпеньня, якім заканчваўся пяты паверх вежы. Паміж байніцамі пятага яруса, з вонкавага боку вежы, размешчаны чатыры плоскія нішы фальшывых вокнаў з паўцыркульным завяршэннем. У старажытнасці нішы тынкавалі, а потым бялілі. Гэта надавала строгаму і велічнаму збудаванню прыгожыя рысы. Завяршэнне вежы – зубчастая стужка «старажытнаславянскага парэбрыку» з чатырох шэрагаў цаглін, пакладзеных на кут, пераклікаецца з арнаментальнымі матывамі народнага мастацтва.

Усе паверхі вежы злучаліся паміж сабой вузкімі драўлянымі вінтавымі лесвіцамі, якія размяшчаліся па перыметры сцен. У тоўшчы сцяны пятага паверха пачынаецца каменная лесвіца, якая выводзіць на самы верх вежы, на баявую пляцоўку. Лесвіца асвятляецца двума вузкімі акенцамі. Баявая пляцоўка аточана 14-ю зубцамі.

З 1960 г. Камянецкая вежа – філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Экспазіцыя музея «Камянецкая вежа» размясцілася на пяці ярусах і прысвечана гісторыі г. Камянца і вежы XIII–XVI стст. Першы ярус прадстаўлены рэканструкцыяй фрагмента жыцця вежы XIII ст. і роспісам на тэму «Будаўніцтва Камянецкай вежы». Другі ярус распавядае аб палітычным, эканамічным, культурным жыцці г. Камянца канца XIII–пачатку XIV стст. Тэма трэцяга яруса – палітычнае, эканамічнае, культурнае жыццё горада ў XV–XVI стст. Экспазіцыя чацвёртага паверха прысвечана гісторыі рэстаўрацыі Камянецкай вежы, развіццю абарончага дойлідства Беларусі другой паловы XIII ст. пачатку XVII ст. Пяты ярус – ваенная гісторыя г. Камянца і Камянецкай вежы.

У музейнай экспазіцыі філіяла «Камянецкая вежа» 382 музейных прадмета. 120 асобнікаў – прадметы асноўнага фонду.

ПАСЛУГІ

Для наведвальнікаў музея прапануюцца:

  1. Тэматычная экскурсія «Гісторыя г. Камянца і Камянецкай вежы» (па пяці залах музея) (6+).
  2. На агляднай пляцоўцы вежы праводзіцца тэматычная экскурсія «Архітэктурныя помнікі г. Камянца». Амаль з 30-метровай вышыні можна ўбачыць жывапісную карціну сучаснага горада і яго ваколіц.
  3. Інтэрактыўная экскурсія «Падарожжа ў сярэднявечча».
  4. Квэст-экскурсія «Загадкі майго горада» (6+).
  5. Музейная гульня-занятак «Трапны стралок» (6+).

КАНТАКТЫ

Камянецкая вежа

225050, г. Камянец, вул. Леніна, 3 А
Рэжым працы: з 10.00 да 18.00
Каса працуе да 17.30
Выхадны дзень: панядзелак

Тэл.: +375 1631 2 25 64, +375 29 527 42 60
(загадчык філіялам Казулька Таццяна Мікалаеўна);

+375 1631 2 25 64
(каса музея)