Брэсцкі абласны

краязнаўчы музей

Археалагічны музей «Бярэсце»

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

Мастацкі музей

Камянецкая вежа

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

ПРА ФІЛІЯЛ

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» адкрыты 4 лютага 1989 г. Ён размясціўся ў маляўнічым будынку сядзібнага тыпу па вул. Леніна, 39, які быў пабудаваны ў 1925 г. па праекце польскага архітэктара Юліяна Лісецкага і з’яўляецца помнікам архітэктуры. Гэта адзіны на Беларусі музей, дзе экспануюцца творы мастацтва і антыкварныя рэчы, затрыманыя брэсцкімі мытнікамі падчас спробы незаконнага вывазу іх за мяжу.

У 2016 г. экспазіцыя была адноўлена па праекце мастака Ю. Л. Сухава, у цяперашні час у ёй прадстаўлена каля 400 музейных прадметаў.

Першая зала прысвечана дзейнасці Брэсцкай мытні па прадухіленні незаконнага перамяшчэння культурных каштоўнасцей праз мяжу. Экспануюцца ўнікальныя фотаздымкі, зробленыя падчас выяўлення кантрабанды, прадметы, якія паслужылі сховішчамі для яе, абраз «Уласій Севасційскі с жыціем», які быў распілены на шэсць частак, каб лягчэй было схаваць яго ад мытнікаў. Упершыню магчыма ўбачыць прыборы, якімі карысталіся брэсцскія мытнікі ў 1970–2000–я гг. падчас пошуку кантрабанды, першы экспанат, перададзены ў музей з мытні ў 1953 г., – абраз «Цуд св. Георгія аб зміі».

Икона «Спас в силах». XVI в.

Найбольш вялікая і каштоўная частка збору музея – калекцыя рускага іканапісу XVI–пачатку XX стст. – размешчана ў наступных дзвюх залах. Менавіта абразы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў складалі пераважную большасць сярод прадметаў кантрабанды мастацкіх каштоўнасцей за мяжу. Унікальнымі экспанатамі з’яўляюцца старажытнарускія абразы XVI–XVII стст., якія складаюць першы раздзел экспазіцыі іканапісу. Абраз «Спас у сілах» прадстаўляе Ісуса Хрыста на прастоле, акружанага сіламі нябеснымі – анёламі. «Маці Божая Уладзімірская» – адзін з самых паэтычных вобразаў старажытнарускага іканапісу, увасабленне самаадданай мацярынскай любові і спачування. Увасабленнем галоўнага дагмату хрысціянства аб адзінай сутнасці і непадзельнасці Святой Тройцы з’яўляюцца іконы XVII ст. «Тройца Старазапаветная» і «Тройца Новазапаветная» («Айчына»).

Наступны раздзел прысвечаны рускаму іканапісу Новага часу, які зазнаваў значны ўплыў свецкага мастацтва. Абразы XVIII ст. вылучаюцца сваім барочным характарам, пышнасцю і дэкаратыўнасцю. У XIX ст. асабліва цаніліся абразы, выкананыя ў мініяцюрным стылі, якімі славіліся іканапісцы Палеха і Мсцёры. Прадстаўлены ў экспазіцыі рэдкі па іканаграфіі абраз «Шастаднеў» быў створаны ў майстэрні палехскага іканапісца Васіля Хахлова ў 1810–я гг. Асаблівую цікавасць выклікае абраз «Св. Еўфрасіння Полацкая» канца XIX–пачатку XX стст. з выявай нябеснай апякункі Беларусі.

У асобнай зале прадстаўлены абразы ў сярэбраных аправах XVIII–пачатку XX стст., вырабленыя ў вядучых ювелірных цэнтрах Расіі: Маскве, Санкт-Пецярбургу, Яраслаўлі, Казані, Калуге і іншых. Яны даюць магчымасць прасачыць эвалюцыю і змену стыляў, нарастанне свецкіх тэндэнцый у рускім праваслаўным мастацтве Новага часу. Сярод абразоў у сярэбраных абкладах XIX–пачатку XX стст. – вырабы вядучых ювелірных фірмаў Расіі – Сазікава, Хлебнікава, Аўчыннікава, Марозава, Мішукова. Побач экспануецца ўнікальнае Евангелле напрастольнае ў сярэбранай аправе, зробленай у 1761 г. у Санкт-Пецярбургу ў майстэрні Якаба Шлосвіга.

Дапаўняюць экспазіцыю культавага мастацтва творы дробнай пластыкі, у тым ліку меднае мастацкае ліццё, а таксама растоўская фініфць, выдзеленыя ў асобны раздзел.

Ювелірнае мастацтва свецкага прызначэння прадстаўлена, між іншым, вырабамі сусветна вядомай фірмы Фабержэ, сярэбранымі каўказскімі паясамі і кінжаламі ў сярэбраных аправах.

У зале мастацтва Усходу створаны раздзел мастацтва будызму, у які ўвайшлі будыйскія абразы – т. зв. танкі, дробная пластыка з бронзы і слановай косці. Можна ўбачыць таксама традыцыйны японскі жывапіс на шоўку, японскі фаянс з майстэрань Сацума, кітайскія вазы, дэкарыраваныя перагародчатай эмаллю, медны посуд з Цэнтральнай Азіі.

Дэкаратыўна–прыкладное мастацтва Еўропы прадстаўлена ў музеі мэбляй, бронзавымі кандэлябрамі і каміннымі гадзіннікамі XIX ст., якія ствараюць экспазіцыйныя ансамблі ў інтэр’еры. Невялікую, але разнастайную калекцыю складаюць вырабы вядомых фарфоравых заводаў Еўропы: Венскага, Капа дзі Монте, саксонскага завода Потшапель, Імператарскага фарфоравага завода ў Санкт-Пецярбургу, завода Таварыства М. С. Кузняцова ў Вярбілках.

Большасць твораў рускага і заходнееўрапейскага жывапісу размешчана ў асобных залах, згодна з жанравай прыналежнасцю. У зале пейзажнага жывапісу экспануюцца творы І. К. Айвазоўскага, Р. Г. Судкоўскага, А. Д. Кіўшэнка, Р. Р. Мясаедава, С. А. Вінаградава, Ю. Ю. Клевера, ураджэнца Беларусі А. Г. Гараўскага.

У партрэтнай галерэі варта звярнуць увагу на «Партрэт невядомага ў зялёным кафтане» Ю. Ф. А. Дарбеса, «Партрэт дзяўчыны» П. Я. Рауда.

У зале графікі прадстаўлены творы Ф. А. Броннікава, М. А. Урубеля, Ф. Лежэ, узоры рэпрадукцыйнай гравюры на медзі 1-й паловы XIX ст.

У выставачнай зале рэгулярна экспануюцца тэматычныя выставы з калекцыі фондаў, персанальныя выставы мастакоў Брэстчыны, вучняў мастацкіх школ і студый і іншыя. Акрамя вернісажаў, музей арганізуе ў выставачнай зале творчыя сустрэчы з мастакамі, майстар-класы, літаратурныя вечарыны, канцэрты камернай музыкі.

ПАСЛУГІ

Супрацоўнікі музея праводзяць аглядныя экскурсіі па экспазіцыі, тэматычную экскурсію «Мастацтва іканапісу», экскурсію «Калейдаскоп мастацтваў» для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, квэст-экскурсію «Адшукай пейзаж», чытаюць лекцыі «Мастацтва іканапісу», «Архітэктурныя помнікі Брэстчыны», «Старажытнае Бярэсце», «Мінулае, сучаснасць і будучыня Брэста».

Распрацаваны музейна-педагагічныя праграмы «Жыццё старадаўняй сядзібы» і «Праваслаўнае мастацтва».

Праграма «Жыццё старадаўняй сядзібы» прызначана для вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Яна знаёміць са светам шляхецкіх сядзіб, якія стваралі творчы асяродак і выхоўвалі новыя пакаленні ў культурных традыцыях свайго часу. Галоўная мэта праграмы – выхаваць у вучняў разуменне каштоўнасці культурных традыцый і іх сувязі з сучаснасцю, уменне паводзіць сябе ў грамадстве, раскрыць творчыя здольнасці вучняў. Падчас першага занятка «Запрашэнне да сядзібы» вучні знаёмяцца з гісторыяй і архітэктурай будынка музея, з абсталяваннем сядзібы, з традыцыямі сядзібнага жыцця. Асаблівая ўвага надаецца разнастайным творчым заняткам і гульням. На другім занятку «Святочнае ўбранне стала» вучні знаёмяцца з правіламі сервіроўкі стала і застольным этыкетам, прымаюць удзел у майстар-класе па складванні сурвэтак.

Програма «Праваслаўнае мастацтва» прызначана для вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Яна наглядна знаёміць з працэсам стварэння абразоў, іх асноўнымі сюжэтамі, народнымі традыцыямі, звязанымі з праваслаўнымі святамі, архітэктурай і ўнутраным убраннем праваслаўнага храма.

Праграма складаецца з пяці заняткаў:

  1. «Што такое абраз?»;
  2. «Цудатворныя абразы Маці Божай»;
  3. «Праваслаўны каляндар»;
  4. «Праваслаўныя святыя»;
  5. «Храм – вобраз Сусвету».

Музей арганізуе выязныя выставы з правядзеннем экскурсій.

Фотавыстава «Палацы і сядзібы Брэстчыны» распавядае пра палацы і сядзібы Брэстчыны, якія належылі вядомым магнацкім і шляхецкім родам, звязаны з імёнамі вядомых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі, найбольш добра захаваліся альбо былі адрэстаўрыраваны і атрымалі новае жыццё.

Выстава «Брэст 1930–1950-х гг. у малюнках Уладзіміра Губенка» знаёміць з архітэктурным воблікам Брэста 1-й паловы – сярэдзіны XX ст., драматычнымі падзеямі гісторыі горада таго часу, маляўнічымі дэталямі мінулай эпохі, адлюстраванымі ў малюнках брэсцкага старажыла У. М. Губенка.

На фотавыставе «Вяртанне святыняў» прадстаўлены ўнікальныя помнікі праваслаўнай культуры Брэстчыны: каменныя і драўляныя храмы XVI–пачатку XX стст., асабліва ўшанаваныя абразы і іншыя святыні.

ВІРТУАЛЬНЫ ТУР

КАНТАКТЫ

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

224030, г. Брэст, вул. Леніна, 39

Рэжым працы: з 10.00 да 18.00

Каса працуе да 17.30

Выхадны дзень: панядзелак

Тэл.: +375 162 20 41 95