Брэсцкі абласны

краязнаўчы музей

Археалагічны музей «Бярэсце»

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

Мастацкі музей

Камянецкая вежа

МАСТАЦКІ МУЗЕЙ

ПРА ФІЛІЯЛ

Мастацкі музей – філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея – адчыніў свае дзверы 17 мая 2002 года ў памяшканні былой абарончай казармы на тэрыторыі мемарыльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой». Агульная плошча музея складае 1670 м², уключае ў сябе 12 залаў, дзве з якіх выкарыстоўваюцца для часовых выстаў. Дзесяць залаў асноўнай экспазіцыі ўтвараюць урачыстую анфіладу музея. Наведвальнік убачыць больш за 500 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх рамёстваў, даведаецца пра шляхі станаўлення і развіцця выяўленчага мастацтва і народнай творчасці Брэстчыны сярэдзіны ХХ–пачатку ХХI стст.

Мастацкая калекцыя пачала фарміравацца ў абласным краязнаўчым музеі ў 1950-я гг. і на сённяшні дзень налічвае больша за 2000 прадметаў. У музейны збор уваходзяць не толькі працы ўраджэнцаў Брэстчыны, але і іншых майстроў, творчасць якіх шчыльна звязана з нашым краем. Калекцыя музея працягвае папаўняцца, дзякуючы розным крыніцам, у тым ліку падарункам мастакоў.

1-ая зала: Пачынае экспазіцыю серыя работ брэсцкай мастачкі Анастасіі Іванаўны Фяцісавай «Таямніцы старога Брэста» з выявамі манастыроў і храмаў старажытнага Бярэсця, а таксама партрэтамі палітычных і дзяржаўных дзеячаў далёкага мінулага, звязаных з нашым горадам.

Пасярэдзіне залы знаходзіцца макет Брэст-Літоўска ХVII–пачатку ХVIII стст., выкананы навучэнцамі Брэсцкага палітэхнічнага каледжа пад кіраўніцтвам А. І. Фяцісавай.

2-я зала: Подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці, мужнасці савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны прысвечана другая зала экспазіцыі. Тут разам з палотнамі брэсцкіх мастакоў П. А. Данеліі, І. Я. Фяцісава, М. Д. Чураба, Н. А. Аўчыннікова, І. Д. Рудчыка, В. К. Шыкіна рэпрэзентаваны скульптурныя творы народнага мастака СССР і БССР, Героя Сацыялістычнай працы З. І. Азгура.

3-я зала: Мір вярнуўся на Брэсцкую зямлю ў ліпені 1944 г., а ўжо ў 1947 г. у Брэсце прайшла першая абласная выстава жывапісу і графікі. Загадам па саюзу мастакоў БССР за №1 ад 26.04.1949 г. у вобласці быў створаны першы ў рэспубліцы абласны філіял Саюза савецкіх мастакоў Беларусі, пераўтвораны в 1971 г. у Брэсцкую абласную арганізацыю Саюза мастакоў БССР.

Пасля ваеннага ліхалецця мастакі асабліва востра ўспрымалі прыгажосць роднай зямлі, таму многія пейзажы таго часу пранізаны тонкім лірызмам.

4-я зала: Канец 50-х – пачатак 60-х гг. ХХ ст. – час «хрушчоўскай адлігі». Вецер перамен прынёс новыя накірункі ў выяўленчым мастацтве, ўмацаваліся і традыцыі рэалістычнага пагляду на жыццё.

Адзін з вядучых мастакоў Брэстчыны ў гэты перыяд – Эдуард Станіслававіч Куфко. Былы вязень фашысцкіх канцлагераў і сталінскага ГУЛАГа адкрыў сябе як жывапісец у героіка-трагедыйнай тэме, дзе асоба супрацьстаіць таталітарызму, яго праграмны твор – карціна-партрэт «Салжаніцын».

Баранавіцкі мастак Канстанцін Івановіч Максімцаў піша свой індустрыяльны пейзаж у рэчышчы традыцый рэалізму.

Адметнай з’явай мастацтва рэгіёна стала творчасць Тамары Іванаўны Паўлючук, аўтаркі знакамітай серыі работ на тэму Чарнобыльскай трагедыі. Асаблівай увагі заслугоўвае работа «Мадона Чарнобыля».

5-я зала: 70–80–я гады ХХ ст. у беларускім мастацтве адзначаны пошукамі новых мастацкіх сродкаў выяўлення, з аднако боку ідзе схіленне да вопыту еўрапейскага авангарду (В. Э. Куфко, М. К. Канькоў), з другога – да нацыянальных традыцый. Яркая індывідуальнасць чуецца ў экспрэсіўнай, з сапраўднымі выбухамі фарбаў, творчасці Н. А. Чарнагаловай, А. А. Фалея, Н. А. Маеўскага.

У 1990–2000–я гг. заявілі пра сябе маладыя мастакі Аксана Гайдуковіч, Ніла Гарчанюк, Ігар Раманчук, Янка Рамановіч, скульптары Павел Герасіменка, Аляксей Паўлючук, Алеся Гуршчанкова і іншыя.

Па праекце ўраджэнца Брэстчыны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі РБ А. В. Дранца каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску ўзведзены манументальны помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыну. Аўтарская мадэль помніка знаходзіцца ў экспазіцыі музея.

6-7 залы: Прадстаўлены графічныя творы мастакоў Брэстчыны. Драматычнай напружанасцю пранікнуты працы Мікалая Дзмітрыевіча Чурабы.

Адметнымі з’яўляюцца творы ўраджэнца Маларытчыны Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі М. М. Селяшчука, вядомага далёка за межамі нашай краіны.

Выклікаюць вялікую цікавасць працы Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў Льва Барысавіча Алімава.

У зале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзяцца габелены Святланы Вяль, Дыяны Вымаракавай, бацік і габелен Антаніны Гуршчанковай, кераміка Паўла і Галіны Рабавых, Васіля Логвіна, Наталлі Крывіцкай, мастацкае шкло Марыны Князевай. Асобны комплекс экспанатаў распавядае пра узнаўленне святыні беларускага народа – крыжа Еўфрасінні Полацкай Заслужаным дзеячам мастацтваў, Ганаровым грамадзянінам г. Брэста мастаком-эмальерам Мікалаем Пятровічам Кузьмічом.

8-9 залы: Завяршаюць экспазіцыю музея дзве залы, у якіх прадстаўлены найбольш распаўсюджаныя на Брэстчыне віды народнай мастацкай творчасці і рамёстваў: ганчарства, саломапляценне, ткацтва і вышыўка, народныя строі рэгіёна, мастацкая апрацоўка дрэва, народныя музыкальныя інструменты, драўляная скульптура, роспіс по дрэве і шкле і іншыя.

Выставачныя залы: Агульная плошча складае 140 м², тут кожны месяц экспануюцца тэматычныя і персанальныя выставы твораў мастакоў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнага мастацтва не толькі Брэсцкай вобласці і Беларусі, але і бліжняга і далёкага замежжа.

З моманту заснавання музея ў яго выставачных залах арганізвана больш за 120 выстаў мастакоў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных майстроў. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў вызвалі выставы прац выдатнага рускага жывапісца ХIХ ст. І. І. Шышкіна з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і выстава абразоў «Іканапіс Беларусі ХХІ стагоддзя», створаная сумесна з Беларускім Экзархатам і Брэсцкай Епархіяй. Музей ажыцяўляе сумесныя праекты з Генеральнымі конульствамі Расіі, Польшчы, Украіны ў Брэсце, абласной арганізацыяй Беларускага саюза мастакоў і іншымі ўстановамі. Сталі традыцыйнымі вечары памяці мастакоў Брэстчыны, прэзентацыі кніг, творчыя сустрэчы, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.

ВІРТУАЛЬНЫ ТУР

ПАСЛУГІ

Музей прапануе:

Тэматычныя экскурсіі:

  • «Город старажытны, горад слаўны» – па макету старажытнага Бярэсця;
  • «Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Брэстчыны; 2-й паловы ХХ–пачатку ХХI стагоддзя» – па экспазіцыі 2–8 залаў;
  • «Промыслы і ремёствы Брэсцкай вобласці» – па экспазіцыі 9–10 залаў.

Выяздныя выставы па тэмах:

  • «Горад старажытны, город слаўны» – 1000-гадовая гісторыя города, проілюстравана відэарадам і працамі мастакоў Брэстчыны;
  • «Вечна жывое дрэва рамёстваў» – традыцыйныя народныя промыслы ірамёствы;
  • «Вялікі сакрэт у маленькай скрынцы» – абрадавая лялька;
  • «Ручнік у жыцці беларуса»;
  • «Да будзе свята імя тваё, Хлеб» – абрады беларусаў, якія звязаны з хлебам.

Музейныя заняткі:

  • «І стары, і малы без адзежы знік»;
  • «З бабулінага куфра».

Лекцыі:

  • «Горад старажытны, горад слаўны»;
  • «Мова беларускай сімволікі»;
  • «Традыцыйныя народныя промыслы і ремёствы Брэсцкай вобласці»;
  • «Святы і абрады беларусаў».

Кантакты

Мастацкі музей

224018, г. Брэст, вул. Героеў абароны Брэсцкай крэпасці, 60 В

Рэжым працы:
з 10.00 да 18.00 (з 1 сакавіка па 30 кастрычніка)
з 10.00 да 17.30 (з 1 кастрычніка па 28 лютага)

Выхадныя дні: панядзелак

Тэл.: +375 162 28 91 76, +375 162 28 91 77, +375 162 59 28 14

e-mail: mastatski2002@gmail.com

Instagram: hudbrest_museum

відэа