Брэсцкі абласны

краязнаўчы музей

Археалагічны музей «Бярэсце»

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

Мастацкі музей

Камянецкая вежа

МУЗЕЙНЫ ЗБОР

Гісторыя фарміравання, камплектавання і развіцця музейных калекцый звязана з гісторыяй стварэння Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, якая пачынаецца з 1950 г.

У бягучы час збор музея налічвае каля 176 тысяч музейных прадметаў, якія аб’яднаны ў 35 калекцый, і больш за 56 тысяч прадметаў фонда навукова-дапаможных матэрыялаў.

Два прадметы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь з прысваеннем 1-й катэгорыі: самшытавы грэбень са старажытнаславянскай азбукай-кірыліцай і касцяная фігура шахматнага караля пачатку ХIII ст.

Да ліку рарытэтных музейных прадметаў і калекцый трэба аднесці клады, якія былі знойдзены на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў 1954–1990 гг. (16 манетных і 2 рэчавых). Самы ранні – клад рымскіх сярэбраных дэнарыяў I–II стст. н. э., знойдзены непадалёку ад вёскі Лышчыцы ў 1974 г., самы позні – клад сярэбраных манет Расійскай імперыі 1-й паловы ХIХ ст., адчаканеных у Санкт-Пецярбургу і Варшаве. Дадзеная знаходка выяўлена ў вёсцы Збураж Маларыцкага раёна ў 2008 г.

Больш за 150 прадметаў налічвае клад упрыгожванняў і сталовага срэбра ХVI–1-й половы XVII стст., знойдзены ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна ў 1962 г. Сярод іх 2 срэбраных кубка вытворчасці г. Нюрнберга 1588–1622 гг. Адзін з кубкаў мае кляймо майстра Ганса Байтмюлера. Клад сталовых прыбораў XIХ–1-й трэці ХХ стст. знайшлі пры правядзенні будаўнічых работ у Брэсце ў 1988 г.

Асобнае месца ў калекцыях музея займаюць прадметы, затрыманыя Брэсцкай мытняй пры спробе нелегальнага вывазу за мяжу. Першыя творы мастацтва музей атрымаў у 1953 годзе. У 1970–2000-х гг. музейны збор сістэматычна папаўняўся «мытнымі» паступленнямі. Дзякуючы ім у музеі сфармавалася калекцыя рускага меднага ліцця, калекцыя жывапісу ўзбагацілася будыйскімі танкамі XVIII–пач. ХХ стст. і творамі жывапіснай эмалі. Мундзір сенатара, пашыты ў Санкт-Пецярбургу ў 2-й полове XIX ст., упрыгожыў калекцыю тканіны і аддзення.

Значнае месца ў фондах краязнаўчага музея займаюць мемарыяльныя калекцыі. Гэта дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы людзей, якія сваімі подзвігамі і самаадданай працай праславілі Брэстчыну: Героя Савецкага Саюза С. А. Бабрука, першага Героя Беларусі У. М. Карвата, дважды Героя Сацыялістычнай працы У. Л. Бядулі, дважды Героя Савецкага Саюза, лётчыка-касманаўта СССР П. І. Клімука, Ганаровага грамадзяніна горада Брэста, настаяцеля Свята-Уваскрасенскага храма Я. С. Парфенюка і многіх іншых.

Штогод музейны збор папаўняецца новымі паступленнямі: гэта закупка, дар, перадача ў музейны збор матэрыялаў, сабраных у ходзе экспедыцый.

АРХЕАЛОГІЯ

Калекцыя «Археологія» налічвае каля 50 тысяч прадметаў асноўнага фонда. Крыніцамі папаўнення з’яўляліся археалагічныя разведкі і раскопкі. У калекцыі прадстаўлены матэрыялы розных гістарычных эпох – ад каменнага веку да сярэднявечча.

Да ліку рарытэтных патрэбна аднесці булаву 2-га тыс. да н. э., каменныя сякеры, крамянёвыя сярпы (VI–пачатку V стст. да н. э.), бронзавыя фібулы з арнаментам (II–I стст. до н. э.), каменныя ідалы (Х–XI стст.).

Значнае месца ў калекцыі займаюць знаходкі з гарадзішча Бярэсце, знойдзеныя ў выніку раскопак пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук П. Ф. Лысенка ў 1968–1981 гг. Больш за тысячу індывідуальных знаходак экспануецца ў філіяле «Бярэсце» з моманту яго адкрыцця ў 1982 г.

БАНІСТЫКА

Калекцыя «Баністыка» налічвае 2800 музейных прадметаў.

Да рэдкіх можна аднесці банкноты XVIII ст., у прыватнасці Асігнат у 50 ліўраў 1792 г. Французскай Рэспублікі, а таксама першыя ў гісторыі Рэчы Паспалітай папяровыя грошы – казначэйскія білеты ў 4 і 25 злотых 1794 г., выпушчаныя па распараджэнні паўстанцкай Вышэйшай Нацыянальнай рады.

Цікавымі з’яўляюцца банкноты перыяду Грамадзянскай вайны, асабліва боны белагвардзейскіх урадаў, а таксама мясцовыя выпускі органаў самакіравання, якія ўвайшлі ў каталог «Папяровыя грошы Грамадзянскай вайны са збору УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей».

ГРАФІКА

Калекцыя «Графіка», якая налічвае больш за 1500 адзінак, прадстаўлена творамі, якія выкананы мастакамі ў розных тэхніках: гэта акварэлі і пастэлі М. С. Талмачова, Л. А. Доўбуша, А. А. Алонцава, М. І. Кебеца, А. У. Чапурной, малюнкі алоўкам Я. С. Шатохіна і С. Г. Харашаўцава, аўталітаграфіі і афорты П. С. Дурчына, М. М. Селяшчука, Г. В. Вяля, А. А. Грыгор’ева, П. Ю. Татарнікава, Л.А. і У.И. Варэцаў.

Значнае месца ў калекцыі займаюць работы Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў Л. Б. Алімава, у тым ліку яго знакаміты аўтапартрэт «Народжаны ў масцы» (1992 г.), выкананы ў тэхніцы афорта. За гэты твор ён быў уганараваны званнем «Чалавек года ў мастацтве» Міжнародным Біяграфічным Цэнтрам (Кембрыдж, Вялікабрытанія).

ЖЫВАПІС

Калекцыя «Жывапіс» у зборы музея – гэта больш за 1200 адзінак захоўвання. Найбольш шырока ў ёй прадстаўлена мастацтва брэсцкіх мастакоў, многія з якіх з’яўляюцца прызнанымі майстрамі не толькі ў сябе на Радзіме, але і далёка за яе межамі. Сярод іх найстарэйшыя жывапісцы – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі П. А. Данелія – класік сучаснага беларускага пейзажа, а таксама заслужаныя работнікі культуры І. Я. Фяцісаў, М. Д. Чураба, Э. С. Куфко, дзякуючы якім у пасляваенныя гады адрадзілася мастацтва Брэстчыны.

Сярод прадстаўнікоў наватарскіх напрамкаў трэба адзначыць Н. А. Чарнагаловую, М. К. Канькова, А. І. Фяцісаву, Т. В. Патвораву, а таксама Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь М. П. Кузьміча, мастака-эмальера, які праславіўся дзякуючы ўзнаўленню Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Асобную нішу ў калекцыі займаюць карціны XVIII-XIX стст. Сярод іх найбольш цікавымі з пункту гледжання не толькі мастацкага, але і гістарычнага, з’яўляюцца два партрэты – Тадэвуша Касцюшкі 1794 г. невядомага мастака і Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай (напісаны, як мяркуецца, у 1780-х гг. італьянскім мастаком Марчэла Бачарэлі).

АБРАЗЫ

Калекцыя «Абразы» ў музейным зборы твораў выяўленчага мастацтва налічвае 1850 адзінак. Аснову складаюць рускія абразы, якія паступілі з Брэсцкай мытні ў 1953–2000-х гг. Таксама калекцыя папаўнялася шляхам закупкі, дарэння, музейных экспедыцый. Абразы датуюцца XVI–XX стст. Іканаграфічны склад калекцыі шырокі і разнастайны. Цікавасць уяўляюць як найбольш раннія помнікі, так і абразы рэдкай іканаграфіі, напісаныя ў Сінадальны перыяд. Сярод іх абразы ХVI ст.: «Маці Божая Уладзімірская», «Свяціцель Мікалай Цудатворац», «Праабражэнне Гасподняе», «Уваскрэсенне Хрыстова. Сашэсце ў пекла»; абразы XVIII ст.: «Чыстая душа», «Пахвала Прасвятой Багародзіцы з Акафістам», абразы ХIХ–пач. ХХ стст.: «Трыёдзь цвятная», «Маці Божая Аўгустоўская». У калекцыі таксама прадстаўлены творы беларускага іканапісу: «Маці Божая Адзігітрыя», «З’яўленне свяціцеля Мікалая імператару Канстанціну Вялікаму ў сне», «Цуд св. Георгія аб зміі», «Свяшчэннапакутнік Уласій Севасційскі», «Прападобны Стыліян Пафлагонскі».

МЯККАЯ ЭТНАГРАФІЯ

Калекцыя «Мяккая этнаграфія» налічвае больш за 1100 музейных прадметаў. Менавіта гэтая калекцыя дае ўяўленне аб самабытным Брэсцкім краі з яго традыцыйнай культурай і ўкладам жыцця.

Адметным у калекцыі з’яўляецца традыцыйны гарнітур жыхароў Брэсцкай вобласці, які захаваў агульнаславянскія архаічныя рысы. У музейным зборы прадстаўлены ўсе сем строяў, якія бытавалі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў кан. XIX–пач. ХХ стст. Пінска-Івацэвіцкі строй вылучаецца прастатой лінейна-паласатага ўзору, а касцюмы Брэсцкага, Маларыцкага і Кобрынскага раёнаў – асаблівай дэкаратыўнасцю. Традыцыйны тэкстыль прадстаўлены ў калекцыі посцілкамі, дыванамі, абрусамі і ручнікамі. Вялікую каштоўнасць уяўляюць падвойныя (двухасноўныя) дываны і заходнепалескія паласатыя ручнікі.

НУМІЗМАТЫКА

Калекцыя «Нумізматыка», якая налічвае больш за 16 тысяч музейных прадметаў, цікавая і разнастайная. Яе фарміраванне пачалося ў 1950 г. з паступленняў у фонды манет Расійскай імперыі, выпушчаных у 1841–1911 гг.

Самыя раннія па храналогіі манеты – антычныя (95 адзінак захоўвання).

Буйнейшая медная манета – сястэрцый рымскага імператара Гардыяна III, які кіраваў у 238–244 гг., самая старажытная – Халк прычарнаморскага г. Істрыя VI–V стст. да н.  э. З 2008 г. калекцыя стала папаўняцца памятнымі манетамі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

ЗБРОЯ І БАЯВЫ РЫШТУНАК

Калекцыя «Зброя і баявы рыштунак» налічвае больш за 600 адзінак.

Пачаткам яе фарміравання стаў 1951 г. На сённяшні дзень гэта ўзоры рускай, еўрапейскай і ўсходняй агнястрэльнай і халоднай зброі і ахоўнага ўзбраення.

Рарытэтамі халоднай зброі з’яўляюцца бердышы, алебарды, эспантоны, пратазаны XVI–пачатку XIX стст., а таксама японскі меч катана, турэцкі ятаган, каўказскі кінжал у ножнах XIX ст.

З агнястрэльнай зброі можна вылучыць асабістую зброю партызан і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: трафейны пісталет сістэмы Вальтэра Н. С. Фядотава, пісталет РА-63, падарунак Герою Савецкага Саюза Г. М. Халасцякову.

Асобны раздзел – антыкварная агнястрэльная зброя: мушкетоны, стрэльбы, пісталеты з ударна-крамянёвымі і ўдарна-капсюльнымі замкамі, казназарадныя стрэльбы XVIII–XIX стст. вытворчасці Тульскага, Іжэўскага заводаў, а таксама французскай і албанскай вытворчасці.

Рарытэтамі ваеннага рыштунку з’яўляюцца рыцарскія шлемы і кірасы, дэталі максіміліянаўскага даспеха канца XVI ст., фрагменты кальчугі XVI–XVII стст., якія паступілі ў першыя гады стварэння музея.

ПРЫКЛАДНАЯ ГРАФІКА

Калекцыя прыкладной графікі складае звыш 34 тысяч прадметаў – плакатаў, паштовак, канвертаў і марак. Фарміраванне, якое пачалося ў 1951 г., адбывалася праз закупкі ў магазінах Аблкнігагандлю або ў калекцыянераў, а таксама з дапамогай перадачы з іншых музеяў (пераважна ў 1950–1960-х гг.).

Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца арыгінальныя плакаты, лубкі і хромалітаграфіі, выдадзеныя ў Расіі ў 1-й трэці XX стагоддзя, прысвечаныя падзеям Першай сусветнай вайны, руска-турэцкім і руска-японскай войнам, рэвалюцыі, а таксама плакаты перыяду Вялікай Айчыннай вайны, выдадзеныя ў 1941–1944 гг., у т. л. знакаміты плакат-заклік І. Таідзэ «Радзіма-маці кліча!». Шырока прадстаўлены ў музейнай калекцыі савецкія плакаты 1950–1980-х гг., якія адлюстроўваюць розныя тэмы, актуальныя для канкрэтнага гістарычнага перыяду. З 1990-х гг. пачалося фарміраванне калекцыі беларускіх плакатаў.

У 1974 г. з Брэсцкай мытні паступіла серыя альбомаў «Помнікі старажытнага рускага дойлідства» В. В. Суслава, «Матэрыялы для гісторыі рускага іканапісу» М. П. Ліхачова і «Лицевой иконописный подлинник» («Ілюстраваны іканапісны ўзорнік») Н. П. Кандакова.

З ліку паштовак найбольшую цікавасць уяўляюць паштовыя карткі з відамі Брэст-Літоўска і Брэста-над-Бугам, выдадзеныя ў 1900–1930 гг. і мастацкія паштоўкі Бём Лізаветы Мяркур’еўны, выдадзеныя ў пачатку ХХ ст. у Францыі (выдавецтва І. С. Лапіна, г. Парыж) і Расіі (выдавецтва «Рышар» і выдавецтва Таварыства Св. Яўгеніі, г. Санкт-Пецярбург). За апошняе дзесяцігоддзе ў музеі сфарміравалася багатая калекцыя віншавальных паштовак перыяду 1950–2000-х гг.

Большую частку калекцыі прыкладной графікі складаюць маркі розных краін, якія ахопліваюць перыяд пачынаючы з сярэдзіны XIX ст. і да нашых дзён.

СКУЛЬПТУРА

Калекцыя «Скульптура» ў зборы музея невялікая, але цікавая і разнастайная. З прафесійных скульптараў можна вылучыць работы народнага мастака БССР З. І. Азгура – бюсты маршала К. К. Ракасоўскага і В. З. Харужай. Таксама ў калекцыі прадстаўлены творы А. В. Дранца, П. Ю. Герасіменкі, Л. М. Тарабукі, драўляныя скульптуры І. В. Хоміча і керамічныя кампазіцыі П. А. Рабава. Цікавымі з’яўляюцца драўляныя скульптуры народнага майстра І. Ф. Супрунчыка, створаныя пры дапамозе сякеры. Сярод іх – своеасабліва трактаваныя аўтарам партрэты беларускіх святых, паэтаў, пісьменнікаў, а таксама кампазіцыі, створаныя паводле літаратурных твораў.

ЦВЁРДАЯ ЭТНАГРАФІЯ. ГАНЧАРСТВА

Калекцыя «Цвёрдая этнаграфія. Ганчарства» налічвае каля 500 музейных прадметаў. Прадстаўлена традыцыйнымі прадметамі побыту к. XIX–пач. ХХ стст., сярод якіх варта асобна адзначыць разныя калаўроты Камянецкага раёна, калодны вулей Столінскага раёна, драўлянае хатняе начынне і іншыя.

Ганчарства прадстаўлена вырабамі вядомага майстра чорна-глянцавай керамікі Антона Рыгоравіча Такарэўскага з Пружан, гліняным посудам Івана Банавентуравіча Лісоўскага з г. п. Ружаны і бела-глінянай керамікай майстроў в. Гарадная Столінскага раёна.

ФАЛЕРЫСТЫКА

Калекцыя «Фалерыстыка» ў музеі налічвае больш за 3500 адзінак захоўвання. Першыя ўзнагароды паступілі ў музей у 1952 годзе.

Найбольш поўна прадстаўлены ў калекцыі дзяржаўныя ўзнагароды СССР. Гэта ордэны Леніна, Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэны Славы трох ступеняў, ордэн Суворава трох ступеняў, Аляксандра Неўскага, Маці-гераіня і іншыя.

Разам з дзяржаўнымі ўзнагародамі СССР у калекцыі ёсць медалі, нагрудныя знакі Расійкай імперыі, Народнай Рэспублікі Балгарыі, Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі, Германіі, Польшчы, Францыі.

Таксама ў калекцыі знаходзяцца памятныя настольныя медалі, прысвечаныя Айчыннай вайне 1812 г., У. І. Леніну, Брэсцкай крэпасці, значкі на тэмы: «Космас», «Рэспублікі Саюза ССР», «Гульні XXII Алімпіяды. Масква-80», «Гарады-героі», «Гарады Беларусі», «Птушкі» і іншыя.