Вітаем Вас на афіцыйным сайце ўстановы культуры «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей»!
Запрашаем наведаць Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Яго шматлікія экспазіцыі і выставы пазнаёмяць Вас з гісторыяй, культурай і прыродай Брэстчыны.
Брэсцкі абласны краязнаўчы музей уваходзіць у спіс найбуйнейшых музеяў краіны. Яго збор налічвае больш за 175 тысяч адзінак захоўвання, уключае ў сябе ўнікальныя прадметы археалогіі, старадрукаваныя кнігі, манетныя і рэчавыя скарбы з каштоўных металаў і многае іншае.
У асноўным будынку музея па вул. К. Маркса, 60 размешчаны экспазіцыя «Родная прырода» і сталая гістарычная экспазіцыя «Гісторыя Брэстчыны са старажытных часоў да пачатку XXI стагоддзя». У структуру Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ўваходзяць 4 філіялы. У г. Камянцы знаходзіцца філіял «Камянецкая вежа» – помнік старажытнарускага абароннага дойлідства ХIII ст. Унікальным музеем сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада з’яўляецца філіял «Археалагічны музей «Бярэсце», асновай для яго стварэння сталі добра захаваныя пабудовы ХIII ст., якія былі знойдзены падчас археалагічных раскопак. У маляўнічым будынку сядзібнага тыпу пачатку XX ст. размяшчаецца яшчэ адзін філіял – «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Экспазіцыя складаецца з твораў мастацтва і антыкварыяту, забраных мытнікамі пры спробе іх незаконнага вывазу за мяжу. Калекцыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Брэстчыны прадстаўлена ў філіяле «Мастацкі музей», які знаходзіцца ў Паўднёвай казарме Брэсцкай крэпасці.